Адрес:
222603, Минская обл.,
г.Несвиж, ул. Советская, 1
Телефон:+375 (1770) 5-94-49
Факс: +375 (1770) 5-10-91
E-mail: info@nesvizh.gov.by.

Театры

Тэатр у Нясвіжы – самы старажытны на Беларусі: першы спектакль быў тут пастаўлены 265 гадоў таму княгіняй Уршуляй Радзівіл. Сённяшні народны тэатр імкнецца быць сапраўдным пераемнікам традыцый шматвяковай тэатральнай культуры.

Сучаснаму калектыву ўжо 55 гадоў, пятнаццаць з іх ён носіць ганаровае званне “народны”.  Да гледача ён выходзіць з самымі  разнастайнымі пастаноўкамі класічнага і сучаснага рэпертуару. Гэта п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Чэхава, А.Астроўскага, У.Салагуба, М.Чарота, А.Макаёнка, М.Варфаламеева, Г.Марчука, А.Дударава і іншых. Аднак стаўка робіцца на нацыянальныя творы.

Тройчы ў сталічнай вобласці праходзіў фестываль аматарскіх народных тэатраў “Бярэзінская рампа”, і Нясвіжскі народны – нязменны яго ўдзельнік. На першым артыстка народнага тэатра Тамара Ярмоленка атрымала    дыплом і прыз за лепшую жаночую ролю. На другім за ролю Філіцаты   у спектаклі па п’есе А.Астроўскага “Праўда добра, а шчасце лепш” гэтай узнагароды была ўдастоена артыстка народнага тэатра Эма Булат, а калектыў атрымаў дыплом за лепшы ансамблевы спектакль. На трэцім фестывалі  роля Барбары (п’еса А.Дударава “Чорная Панна Нясвіжа”) у выкананні Таццяны Лук’янчык была па-за канкурэнцыяй, а калектыў стаў лаўрэатам. Прыз глядацкіх сімпатый, дыпломы за лепшы ансамблевы спектакль, за плённую работу па далучэнню моладзі да аматарскага тэатральнага мастацтва, – гэта толькі частка ўзнагарод калектыву.

Дарэчы, з “Чорнай Паннай” тэатру давялося шмат вандраваць: у 2003 годзе   стаў удзельнікам міжнароднага фестывалю тэатраў малых гарадоў  у Літве (г.Мешкуйчай), а таксама быў запрошаны на святкаванне Дзён Нясвіжа ў г. Пулавы (Польшча). 2004, 2005 гады таксама былі адзначаны гастрольнымі паездкамі на фестывалі ў іншыя гарады Літвы: г. Уцена  (Міжнародны фестываль гістарычнай драмы) і Юрбаркас (фестываль аматарскіх тэатральных калектываў). Зацікавілася спектаклем і Латвія, таму ў наступным мяркуецца наведаць і гэтую краіну.

За лепшую жаночую ролю на Рэспубліканскім фестывалі “Тэатральныя скрыжаванні” (“Чорная Панна Нясвіжа”) была ўзнагароджана дыпломам лаўрэата выканаўца ролі Барбары Радзівіл Таццяна Лук’янчык, а тэатральны калектыў атрымаў дыплом лаурэата ІІ ступені.

З аншлагам  заўсёды праходзяць спектаклі ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку. Апошнія пастаноўкі несвіжан – гэта спектаклі “Помнік каханню” (па п’есе мясцовай аўтаркі Клаўдзіі Шышыгінай, дзе ажывае адно з самых рамантычных паданняў з гісторыі Нясвіжа часоў Радзівілаў)  і  “Дачка рускага акцёра” (драматург – П.Грыгорьеў), з якім, дарэчы, несвіжане ўдзельнічалі ў якасці гасцей на IV фестывалі “Бярэзінская рампа” – атрымалі самыя высокія адзнакі гледачоў.

У 2005 годзе ўся тэатральная грамадскасць Рэспублікі Беларусь урачыста адзначыла 265-годдзе заснавання першага тэатра ў Беларусі, а таксама спаўнілася 300 гадоў з дня нараджэння заснавальніцы першага тэатра ў Беларусі, і да гэтых юбілейных дат тэатралы падрыхтавалі прэм’еру спектакля па п’есе Уршулі Радзівіл “Распуснікі ў пастцы”.

Артысты тэатра лічаць сябе нашчадкамі тых тэатральных традыцый, што былі закладзены ў Нясвіжскім тэатры шмат гадоў назад. І тое, што   тэатр горада Нясвіжа, дзе наогул быў заснаваны беларускі тэатр, носіць імя яго   стваральніцы, справядліва  і з грамадскага, і з гістарычнага  пункту гледжання.

Сення ў тэатры каля 40 аматараў тэатральнага мастацтва. Кожны год дэбюціруюць новыя ўдзельнікі тэатра. Актыўна калектыў прымае ўдзел у тэатралізаваных прадстаўленнях, на ўрачыстых вяселлях, якія праводзіцца ў Ратушы.
Адрас: г.Нясвіж, вул. Савецкая, 34, Нясвіжскі РЦК і А

тэл.: 8-(017-70)-5-19-43, 5-57-98

Прочитано 1148 раз (а)